Тыдзень роднай мовы

23.09.2022

З 19.09.2022 па 23.09.2022 у дзяржаўнай установе адукацыі “Гаранская сярэдняя школа Полацкага раёна” прайшоў Тыдзень роднай  мовы ”Як ты дорага мне, мая родная мова! “

Дэвізам тыдня сталі словы Яўгеніі Янішчыц:

Сто гадоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет зусім не вузкі.

Ды калі ты не бязродны сын,

Гавары са мной па-беларуску.

На працягу тыдня вучні і настаўнікі ўдзельнічалі ў акцыі “З любоўю да роднага слова”.  Тыдзень прайшоў у адпаведнасці з планам. Вучні бралі ўдзел  у Рэспубліканскім дыктанце, прымеркаваным да Дня народнага адзінства. Для вучняў былі  падрыхтаваны акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”, выстава кніг да 110-годдзя Максіма Танка і літаратурная гасцёўня, прысвечаная яго творчасці. Навучэнцы змаглі паўдзельнічаць у лінгвістычнай гульні “Вандроўка па родным краі”, гульні-віктарыне “Дакраніся да роднага слова”, “Гуляй і вучыся”. Адбыліся конкурсы чытальнікаў вершаў на роднай мове ”Паэтычны вернісаж”, пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”.

Дзеці адзначылі, што заданні былі цікавымі і пазнавальнымі для іх. Яны разгадвалі рэбусы, загадкі, шарады, складалі прыказкі. Вучні з задавальненнем удзельнічалі ў мерапрыемствах, чыталі вершы. У школе гучала беларускае слова, яно выхоўвала, падтрымлівала і дарыла радасць.